Навучэнцы Лойкаўскай сярэдняй школы наведалі музей “Сапоцкінская пісанка”, які знаходзіцца ў гарадcкім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна. У дадзеным населеным пункце і навакольных вёсках склалася свая рэгіянальная традыцыя ў афарбоўцы і роспісе вялікодных яек. У ходзе мерапрыемства вучні даведаліся, што яйкі афарбоўвалі з дапамогай шалупіння цыбулі, дубовай кары, альховых шышак і нават лекавых раслін. Акрамя таго, у дадзенай мясцовасці існуе традыцыя распісваць іх узорамі. Такія яйкі называюцца пісанкі. Удзельнікі экскурсіі ўбачылі, як выглядаюць цэнтральныя, паясныя і восевыя шпількавыя матывы. Кожны элемент мае свае значэнне. Захапляльны майстар-класс па роспісе яек правяла кіраўнік музея Галубцова Ганна Чаславаўна. Яна раскрыла сакрэты гэтай справы. А яны зусім не цяжкія. Трэба растапіць воск (можна ўзяць царкоўную свечку), да алоўка прыладзіць шпільку або маленькі металічны цвічок, з дапамогай якога трэба наносіць ўзоры. І вось вы ўжо становіцеся майстрам роспісу і захавальнікам даўняй традыцыі.
loykimuseum
Commenti