ЗАПРАШАЕМ
у віртуальны музей "Вытокі"
ДУА "Лойкаўская сярэдняя школа"
Хата – сусвет селяніна
З каласоў жытнёвых ён сатканы,
Наш ручнік, наш беларускі ўзор.
Васільком, пралескай вышываны,
Хвалямі блакітнымі азёр.
Наш ручнік, як золата, свеціцца,
Кветкамі вясновымі цвіце
ў прасторных хатах, у святліцах,
На вяселлі радуе гасцей…
Зіхаціць ручнік наш саматканы,
Родны беларускі наш узор,
I глядзіш, глядзіш зачараваны –
На дзівосны, казачны ўбор.
Тут Вы можаце на ўласныя вочы пабачыць, як выглядала звычайная вясковая хата ў к. ХІХ – п. ХХ ст., якімі прадметамі побыту карысталіся нашы прадзядулі і прабабулі. Галоўнае і шаноўнае месца ў хаце – покуць – чырвоны кут. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі-набожнікамі, пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў.
Ручнік – верны спадарожнік чалавека на працягу многіх стагоддзяў. На вышыты ручнік клалі дзіця пры нараджэнні, хлебам на ручніку сустракалі гасцей, на яго станавіліся маладыя ў царкве, ручнікі ў якасці абярэгаў вешалі на прыдарожныя крыжы.
Акрамя таго, ручнік суправаджаў чалавека ў паўсядзённых дзеяннях з самай раніцы і да позняга вечара. Перш чым зірнуць на сонца, чалавек «змываў» сон і лашчыў твар ручніком. Перш, чым сесці за стол, трэба было падзякаваць Богу за падараванае жыццё і долю. Позірк накіроўваўся на покуць, а там, пад столлю, знаходзіўся абраз Збаўцы і... бялюткі і надзвычай прыгожа арнаментаваны ручнік. Ён меў адметную назву – набожнік і надзяляўся самым высокім статусам. Так, ім упрыгожвалі абразы Чырвонага кута.
У нашым музеі прадстаўлены вясельныя ручнікі, якія былі абаронцамі здароўя, кахання і дабрабыту. Іх завязвалі на рукі маладым, рассцілалі на парозе хаты ў час вяселля, падносілі ў якасці падарунка. Такія ручнікі захоўваліся ў сям’і як сімвал сямейнага дабрабыту.
А як жа ствараўся ручнік? А гэта была нялёгкая праца. Спачатку лён вырывалі і звязвалі ў снапы для прасушкі. Потым мялі, трапалі, часалі і пачыналі прасці льняную нітку з дапамогай верацяна ці калаўрота.
Шырока прадстаўлены экспанаты гаспадарчага, земляробчага карыстання сялянамі ў мінулым, прылады працы ў паўсядзённым жыцці.
Так у працы з сенам памочнікамі сям’і станавіліся каса, граблі і вілы, для збожжа выкарыстоўвалі сярпы, драўляныя вілы, цэп.
Таксама можна пабачыць веялкі, карабы, якія плялі з саломы і лазы. Самы вялікі кораб у музеі называецца саламянік, у ім можа змясціцца каля 300 кг. збожжа. З большай часткі збожжа гаспадары рабілі муку пры дапамозе жорнаў – парных кругоў, якія былі каменнымі ці драўлянымі.
Сабраны матэрыял аб народных промыслах і рамёствах.