ЗАПРАШАЕМ
у віртуальны музей "Вытокі"
ДУА "Лойкаўская сярэдняя школа"
Пачынаем нашу аглядную экскурсію
з раздзела “З гісторыі краю”
А ў вёсцы маёй усе крыніцы гаючыя ,
Усе травы мядовыя, усе кветкі пахучыя
Узгоркі, паляны, лясы, палі і лугі
Тут мая вёска Лойкі
Край сэрцу дарагі
Рачулачка Бялянка віецца між лугоў,
Тут песенькай заранка вітае грынікоў.
Лойкі – маленькі зялёны куточак маёй Радзімы. Вясною ў квецені садоў, восенню – з багатым ураджаем садавіны.
Насельніцтва – каталікі і праваслаўныя па свайму веравызнанню. Мова беларуская, з прымессю польскіх слоў і мясцовых дыялектаў.
Як сведчаць раскопкі старажытных курганоў і могільнікаў, землі на левым беразе Нёмана яшчэ да нашай эры былі заселены плямёнамі яцвягаў. Нашых продкаў прыцягвала рака, поўная рыбы, лясы, дзе вадзілася мноства рознай дзічыны, птушак. Адным словам, у гэтых мясцінах можна было пракарміцца дарамі прыроды-матухны.
Сваю назву вёска Лойкі, хутчэй за ўсё, атрымала ад слова “лой” – авечы тлушч.
Старажылы ўспамінаюць, што і да вайны, і ў пасляваенны перыяд асноўным заняткам тутэйшага люду была авечкагадоўля – гандаль аўчынамі, авечым мясам і тлушчам. Дзяды і прадзеды тутэйшых сялян у кірмашовыя дні перапраўляліся на пароме і лодцы праз Нёман і гандлявалі ў Гродна ўсім, што даваў авечы статак: воўнай, аўчынамі, мясам, тлушчам. Да нашага часу жывуць у Лойках людзі, якіх называюць аўчарамі.
Назва вёскі Лойкі з'явілася ўсяго гадоў 150 таму назад. А раней гэтае пасяленне значылася ў “Геаграфічным слоўніку Польскага Каралеўства” як Баля Велька. Узнікла ў 1812 годзе. А навукоўцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта тлумачаць назву Баля (драўляная бэлька), як месца на Нёмане для прычальвання плытоў і баржаў. І гэта адпавядае сапраўднасці, бо паромная пераправа існавала насупраць вёскі Лойкі з даўніх часоў. А ўверх па цячэнні Нёмана стаяць яшчэ дзве вёскі, як абазначэнне прычалаў: Баля Касцельная і Баля Сольная (менавіта каля гэтага паселішча разгружаліся баржы і караблі, гружаныя соллю з капальняў Вялічкі). Па меркаваннях прафесараў Ігара Труса і Шведа, Баля – балоцістае месца (артыкул у газеце “Перспектыва”, “Мой родны кут”), з чым не могуць згадзіцца нашы краязнаўцы. Як кажуць старажылы, балот тут як раз і не было. Рэльеф мясцовасці гарысты, як кажуць, пагорак на пагорку. Вельмі складаныя ўмовы для апрацоўкі глебы. Як сведчаць літаратурныя крыніцы, яшчэ ў тым далёкім 17 стагоддзі, на гэтым месцы былі дробныя пасяленні рамеснікаў, асноўная частка была занята лесам.
Багатая наша мясцовасць на тапанімічныя назвы. Лысая Гара, Лісіныя норы, Пасачка, Даўгоўля, Могліцы, Папоўскае, Акуляры, Тапілы, і інш. (сабрана каля 140 тапонімаў).
І ні адна тапанімічная назва не ўзнікла выпадкова. Кожная звязана з той ці іншай падзеяй ці з’явай. Сам народ ніколі не называе свае мясціны словам, якое ў чымсьці не адпавядала б, а тым больш, не пярэчыла ісціне. У вёсцы гэтыя назвы так увайшлі ў жыццё людзей, што, узнікшы даўно, засталіся ў іх мове па сенняшні дзень. Людзі паклапаціліся, каб назваць кожны куточак, кожную сцяжынку сваёй мясцовасці. Жыхар вёскі Малышка Г.У. кажа: “Калі б людзі не прыдумалі назваў для сваіх мясцін, то не ведалі б, куды ісці, і што рабіць”. Вёска ў адрозненні ад горада не мае назваў вуліц.