ЗАПРАШАЕМ
у віртуальны музей "Вытокі"
ДУА "Лойкаўская сярэдняя школа"
Вандроўка па Лойкаўскім краі
Кожны, хто цікавіцца Гродзеншчынай, павінен абавязкова наведаць цудоўны Лойкаўскі край. Тут вы пазнаёміцеся з гісторыяй вёскі, са звычаямі і традыцыямі жыхароў, захопіцеся прыродай жывапісных мясцін.
Працягласць экскурсіі - 1 гадзіна. Адказны экскурсавод Раманчук Люцына Чаславаўна (тэлефон 8 (029) 856-85-54).
Нітка маршрута
Пачынаецца наша экскурсія са знаёмства з касцёлам нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Зарачанка (раней Баля Касцельная). Касцёл пабудаваны ў 1937 годзе ў постнеагатычным стылі і з’яўляецца візітнай карткай вёскі.
Далей маршрут падарожжа вядзе ў вёску Лойкі, дзе знаходзіцца рытуальны помнік. Гісторыя гэтага помніка здзівіць кожнага. Яшчэ адным з цікавых архітэктурных помнікаў у гэтай вёсцы з’яўляецца будынак гміны, які пабудаваны ў стылі польскага мадэрна. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў будынку размяшчалася нямецкая камендатура. Пазней – школа, затым амбулаторыя і аптэка. Гэта адна з чатырох гмінаў, якая засталася на тэрыторыі БССР.
У рамках турыстычнага маршруту па месцах Вялікай Айчыннай вайны прапануем наведаць музейны пакой воінскай Доблесці, Подзвігу і Славы, брацкую магілу ў вёсцы Шэмбелеўцы, ушанаваць памяць загінуўшых воінаў мінутай маўчання.
Наша вандроўка працягваецца па вёсцы Белыя Балоты, дзе вы даведаецеся пра гісторыю гаспадарскіх сядзіб сям’і Сабалеўскіх і Тукала. Прагуляецеся па парку, які некалі славіўся сваімі экзатычнымі раслінамі.
Наступны прыпынак – касцёл Прэабражэння Гасподняга ў в. Селіванаўцы. Пабудаваны касцёл ў 1899 годзе ў стылі неакласіцізму. Будаўніцтва касцёла інвестыравала пані Сабалеўская. Касцёл заненсены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Напрыканцы экскурсіі вы завітаеце ў школьны краязнаўчы народны музей “Вытокі”. У інтэр’еры беларускай хаты дзяўчаты-беларусачкі акунуць вас у сялянскі быт, пазнаёмяць з калекцыяй ручнікоў з бабулінага куфра, раскажуць пра гісторыю сядзіб Валовічаў і Гурскіх.